December 20th, 2010

jazla

ЗАЯВА ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”


Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае рашучы пратэст супраць шакуючага факту прымянення сілы супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў увечары 19 снежня.

Праваахоўнікі жорстка збілі нашых калег, пашкодзілі і аднялі іх прафесійную апаратуру, не зважаючы на актуальныя журналісцкія
пасведчанні. Пры гэтым пацярпелі рэпарцёры беларускіх СМІ і афіцыйна акрэдытаваныя ў краіне замежныя журналісты.

Пасля мірнай грамадзянскай акцыі на плошчы Незалежнасці ўвечары 19 снежня міліцыя затрымала шэраг журналістаў, якія асвятлялі ход падзеяў. І зноў супрацоўнікі праваахоўных органаў не зважалі на журналісцкія пасведчанні, груба і беспадстаўна парушаючы прафесійныя правы нашых калег на бесперашкоднае збіранне інфармацыі.

Паводле інфармацыі ГА “БАЖ”, як мінімум 20 журналістаў былі затрыманыя, яшчэ столькі ж былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі.

Такім брутальным чынам улады краіны ў чарговы раз выказалі сваю абсалютную непавагу да базавых грамадзянскіх і прафесійных правоў.

ГА “БАЖ” выказвае свой рашучы пратэст супраць формы асвятлення вядучымі дзяржаўнымі электроннымі СМІ мірнай грамадзянскай акцыі, якая адбылася ўвечары ў Мінску 19 снежня. Беларускае грамадства было абсалютна дэзінфармаваным наконт мэтаў гэтага мерапрыемства, колькасці ўдзельнікаў і іх дзеянняў, а таксама жорсткасці, з якой дзейнічалі супрацоўнікі міліцыі падчас разгону мірнай акцыі.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе неадкладнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту супраць журналістаў і перашкодаў для іх прафесійнай дзейнасці, а таксама прыцягнення ўсіх вінаватых да адказнасці.

Прынята Праўленнем ГА “БАЖ”

Спісы затрыманых і пацярпелых журналістаў (АБНАЎЛЯЕЦЦА)